Для цікаўных і дапытлівых




У прыказцы - праўда святая

Народныя выслоўі сведчаць, што народная крыніца тоіць у сабе нязмерныя і да канца нязведаныя скарбы слова, вобразаў паэзіі. Яны даюць адчуць, якая трапная і прыгожая беларуская мова, як народ умее адабраць слова, каб яно зайграла патрэбнай гранню адпаведна свайму нацыянальнаму настрою. (М.Я. Грынблат).

Быка бяруць за рогі, чалавека ловяць на слове.
Вала вяжуць матузом, а чалавека словам.
Выхваляўся пустак, ды не зрабіў ніяк.
Гавары, што ведаеш, але ведай, што гаворыш.
Гавораць, гамоняць, але не ведаюць, дзе звоняць.
Даў слова - трымай.
Дзіця праўду кажа.
Добрае слова даражэйшае за грошы.
Добрае слова не забываецца.
Добрае слова чуваць далёка, а благое - яшчэ далей.
Добры прыклад лепш за сто слоў.
Дробным макам рассыпаецца.
Ёсць што гаварыць, але няма чаго слухаць.
Жартоўнае слова месца сваё мае.
За словам у кішэнь не палезе.
Калі ідзеш удваіх, дарога карацейшая.
Калі сварацца, слоў не выбіраюць.
Кінуў слаўком, як пярком.
Ласкавае слоўка, як сонейка, грэе.
Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.
Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца.
Любіць увесь свет лагодны прывет.
Маўчанка не пушыць, але гнеў патушыць.
Менш гавары, больш пачуеш.
Млын меле - мука будзе, а язык меле - бяда будзе.
На языку - мёд, а пад языком - лёд.
Пускаць туман у вочы.
Пяць разоў падумай, адзін раз скажы.
Раз зманіў - другі раз не павераць.
Рана загоіцца, а злое слова ніколі.
Сам сябе не хвалі, няхай людзі пахваляць.
Словы - гужы, за сэрца цягнуць.
Слоў на мех, а спраў – на смех.
Слухай многа, а гавары мала.
Хто мае вушы, пачуе.
Языком масла не саб’еш і работы не зробіш.
Як паклічаш, так і адгукнецца.

Прытчы
Матылькі і агонь (персідская прытча)

Тры матылькі, падляцеўшы да палаючай свечкі, пачалі абмяркоўваць прыроду агню. Адзін матылёк, падляцеўшы да агню, вярнуўся назад і сказаў:
–  Агонь свеціць.
Друті матылёк падляцеў бліжэй да агню і апаліў крыльца. Прыляцеўшы назад, ён сказаў:
 – Агонь пячэцца.
Трэці матылёк, падляцеўшы зусім блізка, знік у агні і не вярнуўся. Ён даведаўся пра тое, пра што хацеў ведаць, але ўжо нічога не змог расказаць астатнім.
Той, хто атрымаў веды, страчвае магчымасць гаварыць пра гэта. Так і атрымліваецца: хто шмат ведае, маўчыць, а той, хто гаворыць, шмат не ведае.


Аднойчы вучань запытаўся ў Настаўніка:
 Настаўнік, скажы, які дзень тыдня самы лепшы?
 Гэты дзень - серада, - сказаў Настаўнік і з лагоднай усмешкай паглядзеў на вучняў.
Тыя ўзялі свае сшыткі і сталі запісваць словы Настаўніка.
 А ты чаму не запісваеш? — строга запытаўся Настаўнік у вучня, які сядзеў прама і ўсміхаўся.
 Таму што я ведаю, што ты скажаш далей, Настаўнік.
– I што ж? Настаўнік, спахмурнеўшы, падняў руку, і ўсе вучні насцярожыліся.
Тады вучань, які не запісваў, сказаў:
 Гэта таксама аўторак, пятніца, субота, панядзелак, чацвер і нядзеля.
 Ты правільна сказаў, - пахваліў Настаўнік. — Толькі я хацеў назваць спачатку пятніцу, а потым аўторак.
Вучні зашумелі, радуючыся таму, што іх таварыш сказаў амаль усё правільна. А потым адзін з іх запытаўся:
Настаўнік, менавіта такая паслядоўнасць?
Настаўнік уважліва паглядзеў на вучня, які даў амаль што правільны адказ, і зрабіў яму знак рукой:
 Адкажы!
Толькі адзін дзень, - прамовіў той. - Гэты дзень - сёння.

Ліса і тыгр (кітайская прытча)

Аднойчы вельмі галодны тыгр блукаў па лесе ў пошуках ежы. Якраз у гэты час сустрэлася яму па дарозе ліса. Тыгр падрыхтаваўся ўжо напасці, а ліса і кажа яму: «Ты не маеш права есці мяне. Я паслана на зямлю самім Нябесным Імператарам. Іменна ён назначыў мяне начальнікам свету звяроў. Калі ты з’ясі мяне, то гэтым прагнявіш самога Нябеснага Імператара».
Пачуўшы гэтыя словы, тыгр разгубіўся: і есці хочацца, і лісу нельга крыўдзіць. Ён задумаўся: «Што ж мне рабіць? Як мне быць?» Убачыўшы разгубленасць тыгра, ліса сказала: «Ты, напэўна, думаеш, што я падманваю цябе? Тады ідзі за мной. Ты ўбачыш, як усе звяры пры маім з’яўленні будуць пужліва разбягацца».
Гэтыя словы падаліся тыгру вельмі разумнымі, і ён пайшоў услед за лісой. I сапраўды, звяры пры іх з’яўленні хуценька разбягаліся ў розныя бакі. Тыгр нават не падумаў, што звяры баяліся менавіта яго, а не хітрую лісу. Хто ж яе баіцца?

Вожык і заяц (асірыйская прытча)

Вожык і заяц спаборнічалі ў бегу. Было вырашана бегчы да падножжа гары.
Заяц, спадзеючыся на хуткасць сваіх ног, часта адпачываў. Па дарозе ён нават прылёг і заснуў, а вожык, ведаючы сваю маруддівасць, без адпачынку рухаўся наперад.
Заяц праспаў увесь дзень, а вожык увесь дзень бег і першым дасягнуў падножжа гары.
Упартасцю і настойлівасцю можна дабіцца больш значнага, чым здольнасцямі, калі растрачваць іх упустую.

Трайны фільтр (грэчаская прытча)

Аднойчы да Сакрата прыйшоў знаёмы і сказаў:
 Я зараз раскажу табе тое, што я пачуў пра аднаго твайго сябра.
 – Пачакай хвіліну, - адказаў Сакрат. - Перш чым ты раскажаш мне штосьці, гэта павінна прайсці праз трайны фільтр. Перш чым гаварыць пра майго сябра, ты павінен прафільтраваць тое, што збіраешся расказаць. Першы фільтр - праўда. Скажы, ты абсалютна ўпэўнены, што гэта праўда?
 Не, - адказаў знаёмы, - я сам пачуў пра гэта ад іншых.
 Значыць, ты не ўпэўнены, што гэта праўда. Цяпер другі фільтр - дабро. Тое, што ты збіраешся расказаць пра майго сябра, добрае?
Наадварот. Гэта штосьці вельмі дрэннае.
 – Гэта значыць, ты хочаш расказаць мне тое, што можа аказацца хлуснёй, ды яшчэ і штосьці дрэннае. Трэці фільтр - карыснасць. Ці змагу я асабіста медь якую-небудзь карысць ад сказанага табой?
 Наогул, не, - адказаў знаёмы.
 Што ж, калі ты хочаш мне расказаць штосьці і не праўдзівае, і не добрае, і не карыснае, то навошта мне гэта ведаць?

Берагіня (Беражніца)

Слова Берагіня (Беражніца), як сдвярджаюць даследчыкі, упамінаецца яшчэ з глыбокай старажытнасці. Берагіняй называлі і русалак, і Багіню, і нават сам Лёс. У старажытных славян Беражніца лічылася Багіняй урадлівасці і дабрабыту. Беражніцы пакланяліся як Маці ўсіх духаў і ўсяго багацця зямлі.
Уяўлялі старажытныя славяне Берагіню (Беражніцу) у вобразе маладой і стройнай дзяўчыны, з зялёнымі вачамі, з доўгімі зялёнымі ці светлымі валасамі, з вельмі прыемным голасам.
Народны мастак Беларусі Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка намаляваў у 1993 годзе Беражніцу на сімвалічнай карціне з аднайменнай назвай «Беражніца». Гледачу яна ўспрымаецца як сімвал захавання Часу і Жыцця, Гісторыі чалавецтва.

Цераз парог руку не падаюць

«Цераз парог руку не падаюць», - такое народнае правіла жыве і сёння. Парог у доме яшчэ са старажытных часоў сімвалізуе месца сувязі чалавека з продкамі. Парог заўсёды займаў значнае месца ў пэўных сямейных абрадах і знахарстве.
Так, напрыклад, калі ў дом заходзілі сватацца, то сват паціху стукаў правай нагой па парозе і, звяртаючыся да гаспадароў дома, гаварыў: «Яны (продкі) маўчаць, і вы не пярэчце».
Пасля вянчання бацькі сустракалі маладых з хлебам-соллю перад парогам дома, а жаніх клапатліва пераносіў нявесту цераз парог.
Забаранялася цераз парог падаваць руку для прывітання, штосьці аддаваць з рук у рукі, размаўляць цераз парог (лічылася, што так можа страціцца дабрабыт у сям’і).
У паўсядзённым жыцці забаранялася сядзець ці стаяць на парозе. Лічылася, што нельга турбаваць продкаў без патрэбы.
Перш чым пераступіць парог роднага дома, адпраўляючыся ў далёкую дарогу, патрэбна было прысесці на некалькі хвілін. Недарэмна ў народзе захавалася: «Без Бога не да парога!»

Калі ў кепскім кажусе, не садзіся на куце

Самым шаноўным і сімвалічна значным месцам у традыцыйнай хаце здаўна лічыўся кут. Не кожнага госця падчас бясед гаспадары садзілі на куце. Таму ў народзе і казалі: «Калі ў кепскім кажусе, не садзіся на куце».
Чырвоны кут, як лічылі нашы продкі, - самае ганаровае месца ў доме. У дахрысціянскія часы туды ставілі ідалаў, дамашніх багоў. А калі было прынята хрысціянства, то на чырвоным куце ўверсе вешалі іконы, а пад імі ставілі першы ці апошні жытнёвы сноп новага ўраджаю, які называлі «дзедам». Яго перавязвалі «чырвоным» (вышываным чырвонымі ніткамі) ручніком і захоўвалі да наступнага жніва. Лічылі, што такім чынам захаваецца дабрабыт у сям’і і ніякае зло не пранікне ў дом.

Танцаваць ад печы
Цікавую загадку склалі ў народзе пра печ:
Яна галодная - хата халодная,
Яна пад’ела — хата пацяплела.
А выраз «танцаваць ад печы» і сёння нагадвае нам пра яе значнасць, цэнтральнае месца ў доме.
Да печы ў вёсках заўсёды адносіліся і адносяцца па сённяшні дзень з вялікай увагай і пашанай. Недарэмна рабілі печ каля самага ўваходу ў хату, каб чалавек, зайшоўшы, адчуў адразу цеплыню і ўтульнасць.
На печы адпачывалі, грэліся (асабліва марознымі вечарамі), лячыліся, гулялі. Вакол печы гаспадары заўсёды расстаўлялі ўсе дамашнія прылады: венік, вілы, качаргу, дзежку і інш. А за печчу, лічылі, жыў зберагальнік сямейнага дабрабыту - дамавы.
Печ лічылі зберагальніцай агню, той жыццёвай энергіі, якая сімвалізуе жыццё ў доме і яго дастатак.
У даўнія часы як сімвал сямейнага дабрабыту ў печы падтрымліваўся «непагасны агонь»: вялікія тлеючыя вуглі на прыпечку прыкрываліся попелам і захоўваліся так на працягу сутак. Калі вуглі гаслі, то гэта лічылася дрэннай прыкметай для дома. Пра своеасаблівую павагу да печы менавіта ў беларусаў гавораць некаторыя дэталі: напрыклад, каб супыніць брыдкаслова, яму гаварылі: «Печ у хаце». Гэта азначала, што пры печы нельга гаварыць такіх слоў. Калі хтосьці ленаваўся працаваць, гультаяваў, нічым не займаўся, то ў народзе казалі: «Ляжыць на печы».
Як сведчаць даследчыкі, у VI - VII стагоддзях славяне ў сваім жыллі ляпілі печы з гліны. Першапачаткова печы знаходзіліся ў дальнім кутку дома, радзей пасярэдзіне. Потым жа пачалі рабіць іх каля ўвахода, тым самым ствараючы своеасаблівую перашкоду холаду з вуліцы пры адчыненых дзвярах. I канешне, гэтым падтрымлівалася чысціня ў доме, бо не трэба было хадзіць праз увесь пакой з дрывамі, з чыгункамі.
Печ заўсёды рабілі ў вугле, супрацьлеглым чырвонаму, дзе па традыцыі заўсёды вешалі іконы. I гэта не выпадкова. У народным уяўленні печ была як бы антаганістам чырвонага вугла: калі чырвоны вугал лічыўся хрысціянскім, то печ - язычніцкай. Таму менавіта ў запечным вугле, дзе захоўваўся неабходны кухонны інвентар, звычайна знахаркі шапталі розныя заклінанні з мэтай лячэння, зняцця сурокаў.
Да XIX стагоддзя ў печы палілі па-чорнаму: дым свабодна падымаўся да столі і выходзіў у дзірку, зробленую ў даху. У гэты час у хаце станавілася цёмна ад дыму, цяжка было знаходзіцца з-за недахопу чыстага паветра. 3 цягам часу пачалі рабіць коміны. Гэта дало магчымасць забяспечыць жыллё чысцінёй і свежым паветрам і атрымліваць асалоду ад цяпла печы.
У печы гаспадыні раней пяклі хлеб для ўсёй сям'і, святочныя пірагі, вясельныя караваі. А пакуль выпякаўся хлеб, забаранялася сядзець ці гуляць на печы.
Не кожны пячнік мог скласці добрую печ. Для гэтага патрэбна было не толькі ўмельства, але і своеасаблівае майстэрства, веданне пэўных сакрэтаў выкладання добрых печаў, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне і зберагаліся ў тайне. Таму таленавітых печнікоў было не так і шмат. А сёння ж іх наогул засталося зусім мала.

Вось табе, бабка, і Юр’еў дзень

У старажытнай Русі да канца XVI стагоддзя сяляне мелі права пераходзіць ад аднаго памешчыка да другога толькі адзін раз у год: пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ, у дзень святога Георгія (Юрыя) – у Юр’еў дзень. Потым гэта права адмянілі. 3 той пары, калі хацелі паведаміць пра нечакана страчаную надзею ці пра спыненне свабоды дзеянняў, выкарыстоўвалі выраз: «Вось табе, бабка, і Юр'еў дзень».

Што напісана пяром, не высечаш тапаром

Пяро – ‘1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. 2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу// завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў’.
У даўнія часы выкарыстоўвалася для пісьма гусінае пяро. Але толькі шэсць, ад сілы дзесяць пёраў з усяе гусі былі прыдатнымі для пісьма. І вырывалі іх абавязкова ў жывых птушак. I толькі з левага крыла, паколькі іх выгін найбольш адпавядаў таму, каб пісаць праваю рукой.
Выкарыстоўвалі для пісьма і іншыя пёры: крумкачыныя, ястрабіныя, качыныя, лебядзіныя, нават цецеруковыя. Але найбольш пашыраныя былі гусіныя пёры, паколькі былі самыя трывалыя і гнуткія. Ды яшчэ і гусі вадзіліся ў кожным двары, не трэба было ісці некуды шукаць.
Важнасць такой своеасаблівай прылады пісьма захавана ў мудрым народным выслоўі: што напісана пяром, не высечаш тапаром (‘тое, што напісана і стала вядомым, ужо не зменіш, не выправіш’).
На змену птушынаму пяру прыйшло металічнае. Юргелевіч пра гэту падзею сказаў: «Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьма».

Даволі часта выкарыстоўваюцца ў маўленні і сёння ўстойлівыя спалучэнні са словам пяро: адным росчыркам пяра (‘зрабіць што-небудзь адным подпісам, не ўнікаючы ў сутнасць справы'), валодаць пяром (‘умець выразна і пераканаўча выказваць свае думкі на паперы’), выйсці з пад пяра (‘быць напісаным кім-небудзь’)

Комментариев нет:

Отправить комментарий